6 сакавіка прайшла першая лекцыя з серыі праекту "БелЛіт: Мабільны гід". Паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева распавяла пра 5 літаратурных гераінь, якія нас здзівілі. Прадстаўляем вашай увазей канспект лекцыі.
Праект "БелЛіт: Мабільны гід" — гэта серыя лекцый, прысвечаных беларускай літаратуры. Інакш кажучы, белліт для тых, хто апошні раз чытаў штосьці з роднай літаратуры ў школе.
Хто ж з гераінь беларускай літаратуры годны можа паламаць вашыя стэрэатыпы?
Смелая і авантурная лекарка XVIII стагоддзя Саламея Пільштынова з уласных мемуараў "Аватуры майго жыццё"
Чытаючы гэтую кнігу, цяжка паверыць, што ўсе гэтыя падзеі на самой справе адбываліся з Саламеяй Пільштыновай. Няўжо гэтыя дзіўныя ператрусы могуць быць сапраўдным чалавечым жыццём? Галоўная гераіня (яна ж аўтарка) здзіўляе сваім жыццяпісам, біяграфіяй і, увогуле, стылем жыцця. А гэтае жыццё было фенаменальным для жанчын XVIII стагоддзя. Настолькі яно авантурнае і нават трошку вар'яцкае, "без мазгоў". Лёгка паверыць у тое, што мемуары Саламеі — проста фальсіфікацыя.
Матрыярх адной менскай сям'і Бабароза з кнігі Паўла Касцюкевіча "План Бабарозы"
"Гэты крыкаспеў мае паралізуючы эфект. Бабароза працуе на нейрарэгістратарах і яўна мае дачыненне да зброі масавага паражэння... Матрыярхат па поўнай праграме, без права перапіскі. Пяршэнства бабарозінай улады пашыраецца на самыя далекія куты гаспадарства... " — так апісваецца матрыярх адной менскай сям'і.
У Бабарозы чырвоныя пазногці, што пастаянна падкрэслівае аўтар, а яе набліжэнне прымушае трымцець нават электрычныя лямпачкі. Бабароза нарадзілася ў Гатава і на момант дзеянняў рамана ёй 109 гадоў.
Хуліганка і захопніца замка Босая з раману Альгерда Бахарэвіча "Белая муха, забойца мужчын"
Галоўная гераіня, Босая, — яна ж кіраўніца банды, якая захоплівае турыстаў недзе ў адным з беларускіх замкаў. Разам у бандзе дзяўчаты з не менш каларытнымі прозвішчамі: Аленькі Цвяточак, не-Мона Ліза, Джэк Патрашыцель. У кожнай з іх свая крыўда і свая траўма.
Але галоўная тэма раману тычыцца ўсё ж такі не рамантычных узаемаадносін герояў. Гэта раман пра жаночы гвалт, які адбыўся да ўсіх інтэрнт-флэшмобаў. Іншы важны лейтматыў раману: праблемы, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў сучаснасці. Закранаецца і пытанне жанчын у гісторыі. Жаночая банда супрацьстаіць стэрэатыпам і імкнецца аднавіць гістарычную справядліваць.
Студэнтка шведскай школы, якая апісвае жыццё ў іншай краіне без прыўкрас у аўтобіяграфічнай кнізе Анкі Упалы "На заснежаны востраў".
Беларуская літаратарка Анка Упала ў гэтым рамане шчыра і без жадання падабацца апісала сваё жыццё. Яна наўпрост апісала сваё жыццё, толькі памяняўшы ў кнізе імёны.
Галоўная гераіня Алена, ёй 35 гадоў, яна не замужам, прыязджае ў Стакгольм, каб жыць у інтрнаце для дарослых і вучыць шведскую. Алена не хоча прыкідвацца лепей, чым ёсць. Яна можа падавацца занадта наіўнай, занадта катэгарычнай. Паступова гэта пачынае нас падкупаць.
Самая загадкавая гераіня нашага спісу — беларуская мова з аднайменнага вершу паэткі Вальжыны Морт
Так, апошняя гераіня ў нашым спісе — беларуская мова. Самое слова "мова" ў беларускай мове жаночага роду. Яно цягне за сабой цэлы ланцужок вобразаў: зямля, краіна, маці, якая патрабуе абароны ад мужчын; жанчына, якая вымагае клопату; яе не трэба кідаць. Нават сказаць "мамин язык" не атрымліваецца, а вось "матчына мова" гучыць значна лагодней.
"Твая мова такая маленькая, што яшчэ й размаўляць не ўмее", — наўпрост піша Вальжына ў вершы. Яна бярэ гэты вобраз жанчыны і маці і даводзіць яго практычна да абсурду. У яе інтэрпрэтацыі вобраз беларускай мовы — пасіўны, прыгнечаны, але пабачаная з боку як прыгожая.