«БелЛіт: мабільны гід»
Першадрукар, вучоны, беларускі Джеймс Бонд. Што мы не ведалі пра Францыска Скарыну
Алесь Суша
Культуролаг, скарыназнаўца, намеснiк дырэктара Нацыянальнай бiблiятэкi па навуковай працы i выдавецкай дзейнасцi
Пра Францыска Скарыну прывыклі казаць, што ён беларускі "намбер уан". Маўляў, першадрукар, першы вучоны, першы доктар, першы выдавец... Але ці так гэта? Скарыназнаўца Алесь Суша на сваёй адкрытай лекцыі "Біблія Скарыны: паспяховы стартап 16 стагоддзя" у межах праекту "БелЛіт: Мабільны гід" патлумачыў усю паднаготную жыцця вялікага беларуса.

Летась па ўсёй Беларусі з шумам ды помпай адзначалася 500-годдзе першай беларускай кнігі. У гэтым святочным вэрхале складана было заўважыць такі просты факт: яшчэ 120 гадоў таму ў Беларусі ніхто пра Скарыну не здагадваўся (ну, акрамя 5-10 асобаў, якія ўжо нешта разумелі). Толькі ў 1909 годзе Сяргей Паўловіч у Кіеве напісаў першы артыкул пра Францыска Скарыну. Асноўны пасыл быў такі: "Ваў, у нас быў Скарына!". Пазней да славутай справы падключыліся Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі і іншыя дзеячы. Актывісты вырашылі адсвяткаваць 400-годдзе першай беларускай кнігі.

Але ў добрую справу ўмяшаліся вонкавыя абставіны. 400-годдзе першай беларускай кнігі прыпадала на 1917 год. Як можна здагадацца, у 1917 годдзе беларусам было не да святкаванняў. Таму прышлося ладзіць урачыстыя цырымоніі праз 8 гадоў, у 1925 годзе.

— Скарына – гэта сканструяваны міф. Калі яшчэ 100 гадоў ніхто пра яго не ведаў, то сёння яму ставяць помнікі. Ягоны партрэт на школьных дзённіках, а вобраз глядзіць на нас з падручнікаў, — кажа Алесь Суша.

Францыску Скарыне прыпісваюць шмат "першасцяў". Давайце разбірацца паасобку, што з гэтага праўда, а што — не.

Першы беларускі вучоны і доктар

— Калісьці мы прапаноўвалі ВАКу адсвяткаваць пачатак беларускай навукі. Дату выбралі проста: 500-годдзе абароны ў Падуанскім універсітэце Францыскам Скарынай дысертацыі. Вядома нават дакладная дата 5 лістапада 1512 года, — распавядае Алесь.

Але Францыск Скарына не быў першым беларускім навукоўцам. І да гэтага была навука, нават не рэлігійнаарыентаваная, а досыць сабе схаластычная.

Першы філосаф і багаслоў

Да Скарыны быў, як мінімум, Кірыла Тураўскі і шмат іншых папярэднікаў, якіх мы можам назваць філосафамі на беларускай зямлі. Хоць Скарына пакінуў пасля сябе шмат тэксту, але ён не быў першы, і яго думкі не былі самымі новымі. Ён шмат абапіраўся на папярэднія працы.

Першы медык

Трэба адразу зрабіць агаворку: што такое медык у XVI стагоддзі? Не той, хто рэжа скальпелем. Медыкі займаліся тым, чым зараз займаюцца філосафы: разважалі пра жыццё. Але Скарына быў і лекарам і нават працаваў пры двары віленскага біскупа Яна. Але і да яго ў Беларусі былі медыкі.

Стваральнік беларускай мовы

Скарыну часта звязваюць з "моватворчай" практыкай. Маўляў, нібыта ён праз прыход беларускага слова ў друкаваную форму дапамог кадыфікаваць беларускую мову. У гэтым сцвярджэнні ёсць зерне праўды. Да Францыска Скарыны беларуская моўная практыка была вельмі рознай. Праз з'яўленне па-за канфесійнай кніжнай прадукцыі, праз прыналежнасць "беларускай" прасторы ён стварае пэўны канон.

Скарына ўвёў шмат інавацый з пункту гледжання пунктуацыі (гэта тычыцца ўсходнеславянскага друку і кірылічнага), бачна, што ён выкарыстоўваў розныя крыніцы. Даследчыкі бачаць яго імкненне да стварэння кадыфікацыі. Але мову ён не прыдумаў.

Першы паэт

Безумоўна, да Скарыны былі і іншыя паэты, але яны пісалі ў іншай форме. Вершы Скарыны напісаны сілабічнай паэзіяй: радкі прыкладна падобнай працягласці і пажадана падобнай колькасці складоў, з падобнымі заканчэннямі. Напрыклад, на першай старонцы "Кнігі Іова", якая была выдадзеная ў 1517 годзе, і пасля назвы, тытульнага аркушу ідзе верш з 4 радкоў. Але ў сусветным маштабе – не, не першы.

Першадрукар

Натуральна, што Скарына сам не стаяў за станком. Доктар навук за варштатам? Гэта не яго справа! Яго справай было напісаць тэкст, знайсці грошы, але не друкаваць кнігі літаральна. Яго можна назваць распачынальнікам беларускай выдавецкай справы, шэф-рэдактарам. Нават калі не ціснуў кнігі сам, то гэта адбывалася пад яго кантролем.

Першы выдавец

Так, Скарыну можна назваць першым выдаўцом, але толькі ў межах Беларусі. Яго стартап у тым, што ён першы гэта паспрабаваў сабраць. Ён стварыў фенаменальную з'яву, якой мы ганарымся і па сёння. Пасля яго пайшло кнігадрукаванне, не спыніць не стрымаць. У XVI стагоддзі ў Беларусі існавала некалькі дзясяткаў друкарняў, у тым ліку і ў маленькіх гарадах. Для параўнання: у Маскве доўгі час была толькі адна друкарня, якая працавала пад кантролем царскага двара.

Першы беларускі Джэймс Бонд

Францыск Скарына адначасова быў сакратаром караля Даніі, даверанай асобай Жыгімонта Старога (караля Рэчы Паспалітай), садоўнікам імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынандта, ён быў набліжаны да герцага Прусіі Альберта. Сапраўдны Еўрапарламент у адным чалавеку! Скарына мог ведаць дзяржаўныя сакрэты розных краін. Ён мог прадаць свае таленты за вялікія грошы, што, верагодна, і рабіў.

— Скарына змяніў народ, кантэкст, грамадства. Ён паўплываў на стварэнне еднасці грамадства. Праз яго да нас прыйшлі шматлікія тэксты і інтэлектуальныя традыцыі, зафіксаваныя ў Бібліях у масавай колькасці. Дзякуючы яму пра наш рэгіён больш дазналіся, — тлумачыць Алесь Суша. — Ён не хадзіў у лапцях, меў добрыя грошы, быў добрым прадпрымальнікам. Ён быў здольны абгрунтаваць і данесці сваю ідэю пры самых высокіх дварах. Рабіў гэта надта нахабна.

Міф пра Скарыну кансалідуе грамадства, незалежна ад фінансавых, канфесійных, рэлігійных падзелаў – ён для нас аднолькава блізкі. Дзеці, нараджэнцы савецкага саюзу, эмігранты – усе яго прызнаюць. Назавіце яшчэ аднаго такога, хто б усім не падабаецца! Ён "наш". Мы яго зафіксавалі, зачапілі ў беларускай культуры. Ён наш для ўсіх, і гэта, бадай, самае важнае.


Спадабаўся канспект?
Made on
Tilda