«БелЛіт: мабільны гід»
Невядомая беларуская літаратура: пра што вам не казалі ў школе
Ганна Севярынец
Настаўнiца гiмназii, пiсьменнiца, даследчыца беларускай лiтаратуры
Беларуская літаратура выкладаецца нам у школе як сукупнасць тэкстаў: больш ці менш цікавых. Я не ведаю, чаму гэта так, але я думаю, што гэта наша шчасце. Каб адкрыць для сябе беларускую літаратуру, недастаткова проста пачытаць тое, што табе вынясуць на сподачку. Трэба ісці і шукаць. І сама беларуская літаратура, сама па сабе як феномен – гэта найцікавейшы сюжэт сярод усіх сюжэтаў, якія толькі можна знайсці.

У сваёй лекцыі Ганна Севярынец распавяла пра беларускую літаратуру як пра асобны сюжэт, нібыта пра кнігу, якая напісана пра нашую літаратуру. Пра тых людзей, якія яе стваралі.

Чаму гэты сюжэт незвычайны?

Харызматычны пачатак

Нашая літаратура пачынаецца неверагодным выбухам. Францыск Скарына першым з усходніх славян распачынае традыцыю той літаратуры, па якой мы ўсе сумуем. Мы ж чамусьці сумуем пра тое, што мы нічога не можам стварыць для ўсяго сусвету, толькі для беларусаў. Па-першае, гэта няпраўда, па-другое, ну і што, літаратура для гэтага і існуе.

Шматмоўнасць літаратуры

Беларуская літаратура – мультыкультурная і полілінгвістычная. Я не ведаю іншай такой літаратуры, якая стваралася на вялікай колькасці моў. Людзі, якія нараджаліся на нашай зямлі, якія любілі яе, якія лічылі яе сваей кроўнай зямлёй, якія ведалі, як тут жыць, – яны пісалі на розных мовах.

У нас ёсць літаратура па-польску, напісаная нашымі людзьмі, якія нарадзіліся на нашай зямлі.

Ёсць літаратура па-руску, напісаная нашымі людзьмі. Ёсць літаратура па-беларуску, якая пачынаецца значна раней за "Нашу Ніву".

Адна з самых шыкоўных кніг пачатку беларускай літаратуры на беларускай мове – гэта "Баркулабаўская хроніка" (калі не чыталі – пачытайце).

Жыццяздольнасць

Так, як жыла і развівалася беларуская літаратура, – развівалася мала якая літаратура ў свеце. Мы ведалі бадай усё, што можна ведаць. Мы ведалі забарону сваёй пісьмовай мовы, мы ведалі паўстанні і іх жудасныя задушэнні, высылкі і турмы – усё што толькі можа зведаць паэт альбо пісьменнік. Але праз усё гэта літаратура ўсё адно жыве і сёння дае пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў еўрапейскага і нават сусветнага маштабу.

Уявіце сабе, якая моц у гэтай літаратуры. Уявіце сабе, што такое ёсць у гэтай літаратуры.

Невядомыя сюжэты беларускай літаратуры

Галоўны выбар Максіма Багдановіча

Першы сюжэт, канешне, усім нам вядомы. Гэта адзін з невялікай колькасці сюжэтаў, якія мы памятаем і ведаем са школы амаль усе. Хто ведае, што гэта за дом?

«У краіне светлай, дзе я паміраю, у белым доме ля сіняй бухты, я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты».

"Белы дом ля сіняй бухты". Вось па гэтай лесвіцы Максім Багдановіч падняўся вось сюды. Паколькі ён быў ужо зусім хворы, то праз некалькі дзён ён не меў нават магчымасці спусціцца. Гэта быў асобны ад гаспадарчай часткі пакой, таму адсюль немагчыма паклікаць і на дапамогу, ніхто не пачуе.

Гэта месца зусім не для туберкулёзных хворых, гэты дом стаіць у нізінцы. Там скопліваецца ўся вільгаць, гэта для туберкулёзнікаў проста смерць.

Падняўшыся па лесвіцы, ён не мог болей нікуды ісці. Сеў на табурэт і сказаў: "Я болей нікуды не пайду." І ён ужо ведаў, канешне, што гэта яго апошні дом. Гэтая маленькая кніжачка, дрэнна выдадзеная, была для яго адзіным, апошнім ратаваннем.

Максім Багдановіч свядома абраў гэты шлях. Ён мог друкавацца па-руску. Ён і пісаў па-руску. Ён мог друкавацца па-ўкраінску. Украінскія чытачы тады былі больш удзячныя яму. Ён жыў у Расіі і быў добра знаёмы з украінскім рухам ды пісьменніцкай супольнасцю. Але абраў беларускую зямлю, на якой не здолеў памерці.

Культурны ўнёсак у расейскую мінералогію Тамаша Зана

Тамаш Зан не такі вядомы як Максім Багдановіч персанаж. Але яго гісторыя — таксама неверагодны сюжэт, і ён вельмі падобны на беларускую гісторыю.

Тамаш Зан нарадзіўся ў Мясаце. Ён паступіў у Мінскую гімназію, пазнаёміўся з братамі Верашчакамі. Тыя, хто ведаюць гісторыю беларускай літаратуры, разумеюць, што невыпадкова прозвішча Верашчака, бо ў братоў была сястра Марыля Верашчака, тая, хто стане такой безнадзейнай вечнай рамантычнай каханкай Адама Міцкевіча.

У Віленскім універсітэце Тамаш Зан сябруе з таварыствам філаматаў і філарэтаў — таварыствам, якое распачынае навуковую традыцыю на беларускай мове. Гэта была тая супольнасць, у якой беларуская мова становіцца мовай тайны, бо такія справы былі забароненымі. Таварыства чакае разгром. Актывістаў пасадзілі ў віленскія кляштары, бо не хапала [іншых] памяшканняў. І ўся Вільня выставілася насіць хлопцам перадачы, аднойчы перадалі нават гітару, і хлопцы спявалі беларускія песні.

А Тамаш Зан як кіраўнік гэтай супольнасці ўзяў віну на сябе. Менавіта таму яму была назначана найбольшая кара. Зан паехаў у Арэнбург і там, паколькі ён быў геолагам, яго паставілі займацца геалагічнай выведкай. Там, у арэнбургскіх стэпах, Зан знайшоў і золата, і нафту, і нейкія мінералы. Тамаш Зан заснаваў Арэнбургскі мінералагічны музей, які працуе да гэтага часу і з'яўляецца адным з самых вялікіх і багатых музеяў у Сібіры.

Чаму партрэты Някрасава зрывалі са сценак

Гэта Мікалай Васільевіч Някрасаў і знакаміты Мураўёў-вешацель, які адзначыўся падаўленнем паўстання Кастуся Каліноўскага (Гэта афіша другога беларускага фільма "Кастусь Каліноўскі").

Калі адбылося падаўленне паўстання ў 1864 годзе, рускае грамадства па-рознаму адрэагавала на гэтую перамогу. На адным з абедаў, Мікалай Аляксеевіч Някрасаў, заступнік сялян і беднякоў, прачытаў оду Мураўёву-вешацелю за тое, што ён жорстка і бескампрамісна задушыў польскае паўстанне.

Някрасаў прачытаў верш і зразумеў, што ніхто не апладзіруе, нават Мураўёў грэбліва адвярнуўся. А ў той час у Някрасава былі вялікія праблемы з часопісам «Современнік» і такім чынам ён вырашаў свае пытанні.

Някрасаў спытаў у Мураўёва: «Дазволіце пячатаць?», Мураўёў сказаў: «Як хочаце, гэта вашая ўласнасць.». «Але ўсё ж?», – перапытаўся Някрасаў. Па сведках, Мураўёў нешта буркнуў і сышоў. Калі пра гэта даведалася пецярбургская дэмакратычная супольнасць, распачалася цэлая кампанія супраць Някрасава. Студэнты зрывалі яго партрэты, дасылалі пасланні, выказваючы свой пратэст.

Яшчэ адзін сюжэт – гэта Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч. Гэтую прыгожую жанчыну, францужанку па маці, называлі ў нас проста "цёця Уладзя". Але ўзгадваю я гэта не таму, што хачу распавесці пра гэты сюжэт. А за яе выказванне пра тое, што зараз усю беларускую літаратуру можна пасадзіць на адну канапу.

Сапраўды, ў тыя часы, у 1916 годзе, калі цёця Уладзя была рамантычнай каханкай, беларускай літаратуры было ўсяго нічога. Не на адну канапу, але на дзве б улезла. Пры гэтым у Пецярбургу выдавалася газета Змітра Жылуновіча "Дзянніца". Жылуновіч меў напэўна рэкордную колькасць псеўданімаў, бо ў "Дзянніцы" літаральна не было каму працаваць.

Ён падпісваў артыкулы рознымі псеўданімамі, каб складвалася ўражанне, што беларуская публіцыстыка – гэта такое шматперсанальнае. Як у партызанаў, калі адзін партызан пачынае з куста ў куст бегаць і гукаць сам сябе. Гэтак і Зміцер Жылуновіч. … Таму сюжэт пра беларускую літаратуру на канапе мне падабаецца.

Першы беларускі ўніверсітэт

Яшчэ адзін сюжэт, сюжэт, звязаны з будынкам, што стаяў каля спуску да цырка. Паколькі праспект быў вужэйшым, то вось тут стаяла гэтая будыніна пад назвай Белпедтэхнікум імя Ігнатоўскага (адрас: вул. Савецкая, д. 107).

Мы ўсе з вамі чулі пра Царскасельскі ліцэй. Але мы ведалі і свой "Царскасельскі ліцэй". І гэтая навучальная ўстанова мае ўсе шанцы стаць легендарнай. У гэтым Белпедтэхнікуме імя Ігнатоўскага, які адкрыўся ў 1922 годзе, вучылася беларуская моладзь.

Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта была забаронена вышэйшая адукацыя, і беларусам амаль не было дзе вучыцца. Адкрылі толькі Гора-Горацкую акадэмію і настаўніцкія семінарыі. Таму адкрыццё Белпедтэхнікума было пачаткам новай адукацыі.

Тут вучаць тых, хто паедзе вучыць дзяцей па-беларуску. Адразу ў адным і тым жа годзе на гэтых лесвіцах сустракаліся Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Наталля Вішнеўская, Сяргей Серада, Сяргей Фамін. Кожны другі быў паэтам ці пісьменнікам. Уявіце сабе, як там квітнела жыццё.

Кожны вечар чытанне вершаў, кожны вечар нейкія вусныя газеты. Завадатарамі ў гэтым працэсе былі Пятро Глебка, Максім Лужанін і Паўлюк Трус. Яны арганізоўвалі вусную газету, сядзелі ўвечары, пісалі эпіграмы. Гэта была неверагодная атмасфера, неверагодны пассіянарны выбух талентаў, акрамя незвычайных вучняў тут былі і незвычайныя настаўнікі. Беларускую мову выкладалі Якуб Колас, Язэп Лёсік, Юры Дрэзін, які потым стане адным з першых беларускіх музыказнаўцаў, Аркадзь Смоліч. А ужо ў 1928-1929 гг. калі беларусізацыя пачала скручвацца, дыплом аб сканчэнні Белпедтэхнікума быў вельмі небяспечным біяграфічным фактам.

Майстар на ўсе рукі Уладзіслаў Галубок

Уладзіслаў Галубок, легендарны беларускі акцёр, рэжысёр, заснавальнік Беларускага фальклорнага тэатра… Няшмат якія літаратуры могуць пахваліцца тым, што ў іх быў такі чалавек і такі тэатр.

Спачатку вандроўны тэатр Галубка складаўся з яго і сям'і, потым да іх далучыліся суседзі і знаёмыя, а пазней аматары, якім проста хацелася ўдзельнічаць. Атрымалася вельмі вясёлая і вельмі таленавітая трупа. Ніхто з іх не меў спецыяльнай тэатральнай адукацыі, але ўсе людзі былі вельмі спрыяльныя для сцэны.

Тэатр вандраваў па Беларусі, па вёсачках, гарадах і мястэчках – паказвалі спектаклі, якія пісаў і ставіў сам Галубок. Акрамя гэтага, Уладзіслаў маляваў дэкарацыі, выступаў з канферансам. А часам ён выконваў наступную спецыфічную ролю, характэрную для шэкспіраўскіх тэатральных традыцый – калі ў якой-небудзь сялянскай хаце не было вольнага месца, куды б маглі ўлезці дэкарацыі, то Галубок выходзіў і казаў, напрыклад: "А зараз мы з вамі бачым дом, панскую сядзібу, тут дзверы, тут лаўка, тут вакно".

Аднойчы тэатру Галубка далі вялікі свіран для выступлення. Але ўлезлі не ўсе, бо паглядзець на пастаноўку пазбягаліся суседнія вёскі. Уявіце сабе Беларусь ў 1922 годзе – ніякага ж культурнага жыцця, кіно яшчэ не прывезлі – дык людзі разабралі дах свірана і палезлі адтуль глядзець на таго самага Галубка.

Дзе б ні з'яўлялася трупа, яны заўсёды пакідалі запіс "Тут быў Галубок і галубяняты".

У год галубкоўцы давалі да 400 спектакляў, гэта ўлічваючы, што яны пераходзілі з вёскі ў вёску пешшу ці, зрэдку, на падводах. Быў такі выпадак: галубкоўцы ехалі на падводах. Жанчыны едуць, побач хлопцы ідуць, параспраналіся, бо спёка, вязуць рэчы, дэкарацыі. А насустрач — табар цыган. Калі яны параўняліся, кіраўнік табару пачаў размаўляць з галубкоўцамі па-цыганску, бо палічыў, што ідзе насустрач нейкі іншы табар.

А некалі зімой вечарам вандроўны тэатр запыніла воўчая зграя. Дык, дзяўчат пасадзілі на коняў, каб хутчэй беглі, а хлопцы засталіся з каламі, каб адбіцца. І так гэтая трупа вандравала больш за два гады, пакуль ёй не далі памяшканне ў Гомелі.

Зараз мы знаходзімся па адрасе Фабрыцыуса, 4. Акурат за аддзяленнем міліцыі стаяў дом, дзе жыў Уладзіслаў Галубок з сям'ёй, а побач – Алесь Дудар. Можна казаць, што вось тут распачынаўся беларускі тэатр.



Спадабаўся канспект?
Made on
Tilda