«БелЛіт: мабільны гід»
Дыскусія «Зала славы беларускай літаратуры: хто нашыя геніі?»
Удзельнікі:

Ганна Бутырчык, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт, загадчыца кафедры замежнай лiтаратуры БДУ

Марына Казлоўская, перакладчыца, кандыдат фiлалагiчных навук, загадчыца кафедры беларускай мовы i лiтаратуры Лiцэя БДУ

Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, эсэіст
Хто вырашае, якія творы беларускай літаратуры з'яўляюцца класікай? Ці трэба ўключаць у канон творы, напісаныя пра Беларусь, але на іншых мовах? Аб чым ішла гаворка на дыскусіі — чытайце ў нашым канспекце.

Каго ведаюць чытачы

Беларускую літаратуру часта параўноўваюць з «домам на востраве» — па аналогіі з вобразам з рамана «Людзі на балоце» Івана Мележа. Маўляў, мы існуем у сваёй закрытай прасторы, па сваіх, зразумелых толькі нам законах, і працэсы, якія адбываюцца тут, ніякай логіцы сусветнай супольнасці не падпарадкоўваюцца.

У пачатку лекцыі прысутных просяць назваць любімых беларускіх аўтараў. Гучаць імёны Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Міхася Стральцова, Уладзіміра Дубоўкі, Івана Мележа, Юлія Таубіна, Анатоля Сыса. З нашых сучаснікаў Альгерда Бахарэвіча, Уладзіміра Някляева і Алеся Разанава. Чаму ж аўдыторыя назвала менавіта гэтыя, а не іншыя імёны? У чым логіка?

На думку кандыдата філалагічных навук, загадчыцы кафедры замежнай літаратуры філфака БДУ Ганны Бутырчык, у цэлым выбар аўдыторыі лёгка вытлумачальны.

— Нацыянальную літаратуру мы засвойваем перадусім праз школьную праграму. У гэтым спісе ёсць абсалютная класіка, прадстаўнікі славутай тройкі Багдановіч, Купала і Колас. Гэта тыя аўтары, з якімі найперш атаясамліваецца першапачатковае ўяўленне пра беларускую літаратуру. Многіх аўтараў вывучаюць у школе і ва ўніверсітэце. Але адкуль тут з'явіліся Караткевіч і Стральцоў, твораў якіх не так многа ў праграме па літаратуры?

Як наведвальнікі лекцыі патлумачылі свой выбар? Гарэцкі таму што даў голас героям Першай сусветнай вайны, яго проза не горш, чым у Рэмарка; Багушэвіч - таму што абараняў беларускую мову, а Бахарэвіч проста «таму што ён класны».

Але ў той жа час слухачы не адразу назвалі Васіля Быкава і толькі пасля некалькіх падказак пачалі ўспамінаць імёны жанчын-пісьменнікаў Святланы Алексіевіч, Вальжыны Морт і Юлі Цімафеевай.

Літаратурны канон змяняецца і залежыць ад пакалення чытачоў. Кожнае пакаленне канкрэтызуе яго для сябе пэўным чынам. І калі казаць пра беларускую літаратуру, то сітуацыя не вельмі натуральная. У пачатку ХХ стагоддзя канон вызначала нацыянальная эліта — пакаленне «нашаніўцаў». Яно выбрала для сябе арыенцірам Францішка Багушэвіча, вельмі спецыфічнага аўтара, з якога пачалася імітацыя: мы нацыя сялян, мы нецікавыя, — так кажа Марыя Казлоўская, загадчыца кафедры беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ.

На яе думку, Багушэвіч стварыў стэрэатып «вясковасці Нашай літаратуры». Яго ж традыцыю працягнуў Янка Купала, які таксама абраў вобраз паэта вясковага мужыка.
Белліт: традыцыі ці адпаведнасць тэндэнцыям?

У 1920-30-я гады літаратура стала спосабам фарміравання светапогляду, інструментам выказвання класавай барацьбы. Тады развіваецца метад сацрэалізму як адзіны правільны і магчымы, ствараецца Саюз пісьменнікаў. З тых часоў і да нашага часу літаратурны канон складваецца перш за ўсё з лаўрэатаў афіцыйных дзяржаўных прэмій, а фармуе гэты канон і выбудоўвае іерархію ў асноўным дзяржава (у тым ліку і праз сістэму адукацыі).

Колькі ідэалагічных «каткоў» прайшліся па нашай літаратуры. Але чытацкі выбар усё роўна супадае з самымі важнымі пісьменнікамі свайго часу. Можна толькі палепшыць падручнікі, выбраць больш прэзентабельныя творы. Пасля іх прачытання дзеці перастануць цурацца беларускай мовы, а наадварот будуць разважаць пра тое, што беларуская мова — модная, а беларус — не абавязкова ў лапцях, а сама літаратура існуе паміж вёскай і партызанамі, — гаворыць Андрэй Хадановіч.

У той жа час беларускія пісьменнікі часта інтуітыўна асвойвалі перадавыя літаратурныя метады. Напрыклад, Кузьма Чорны ў сваіх раманах выкарыстаў папулярны ў той час паток свядомасці, ды і ўсю прозу гэтага аўтара часам справядліва параўноўваюць з творамі нобелеўскага лаўрэата Джона Стэйнбэка. А ранняя паэзія Канстанцыі Буйло не саступае па вобразнасці вершам зоркі «стагоддзя джаза» амерыканкі Эдны Мілі.

Месца белліту ў свеце

Ганна Бутырчык бачыць вялікую праблему ў падзеле паміж беларускай і сусветнай літаратурай.

Насамрэч, гэтага падзелу не існуе. Беларуская — частка сусветнай літаратуры. Я вельмі люблю пытацца ў студэнтаў, ці з'яўляецца Шэкспір ці Рэмбо, перакладзеныя на беларускую мову, часткай нашай літаратуры. Твор, перакладзены на нашу мову, — частка беларускай рэчаіснасці.

Сапраўды, літаратуру часта «вымераюць» мовай твора. Маўляў, Святлана Алексіевіч піша па-руску значыць, яе нельга лічыць беларускім аўтарам. Але ж у гісторыі нашай літаратуры хапае прыкладаў, калі творы, напісаныя на іншай мове, па сваёй сутнасці, матэрыялу і ментальнасці аказваліся вельмі нават беларускімі. У якасці прыкладу ўдзельнікі лекцыі ўспамінаюць творчасць Яна Баршчэўскага, Адама Міцкевіча і ўсяго пакалення філаматаў і філарэтаў (Томаша Зана, Яна Чачота), якія пісалі па-польску, ці Міколы Гусоўскага, чые творы ствараліся на латыні.

Марына Казлоўская падчас лекцыі прапанавала свой крытэр для вызначэння таго, «наша» гэтая літаратура ці не.

— Тут важная перадусім не мова, а тое, пра што гэты тэкст нам гаворыць, што ён у нас адкрывае.

Так, у кожнай літаратуры фармуюцца так званыя архетыпы нацыянальнай культуры, зразумелыя і чытаныя толькі на гэтай тэрыторыі і менавіта гэтым народам. Пры гэтым у літаратуразнаўстве сёння модна вывучаць тэкст адной нацыянальнасці і краіны ў кантэксце ўспрымання аўтарамі з іншых краін.

На жаль, у сусветнай літаратуры не хапае так званага беларускага тэксту. Напрыклад, у ЗША пра Беларусь даведаюцца з твораў пра Лі Харві Освальда, меркаваным забойцу Джона Кэнэдзі, ён некаторы час жыў у Мінску, ва ўжо знакамітым доме на Камуністычнай. А вось сучасны чэшскі пісьменнік Яхім Таполі напісаў раман «Цэх д'ябла», які напалову складаецца з аповяду пра падарожжа ў Беларусь. Ён паказаў нашу краіну вельмі змрочным музеем вайны, з цытатамі з кнігі Адамовіча, Брыля і Калесніка «Я з вогненнай вёскі».

Існуе і іншы прыклад, калі замежнікі цікавяцца беларускай мовай і літаратурай. Захапленне выклікае прыклад іспанкі Анхель Эспиносы, якая вывучае беларусістыкі ў магістратуры і піша вершы па-беларуску; Томаса Вайлера, які перакладае нашу прозу на нямецкую мову і тым самым уводзіць творы беларускіх аўтараў у еўрапейскі кантэкст; ангельца Арнольда Макміліна, які напісаў не адну навуковую манаграфію аб нашай «літаратуры ў халодным клімаце».

— Калі мы вывучаем літаратуру ХХ стагоддзя, спіс аўтараў і твораў цалкам сфарміраваны, ён ужо класічны і ўнармаваны, — разважае Ганна Бутырчык. — Але калі гаворка ідзе пра ХХІ стагоддзе, то абазначаецца толькі нейкая тэндэнцыя развіцця (напрыклад, развіццё метарамана ці рамана пра раман) і падаецца спіс з 10−15 аўтараў і кніг. Што чытаць і вывучаць — студэнт выбірае на свой густ. Гэта сапраўды неабсяжнае поле.

З ёй пагаджаецца і Марына Казлоўская.

— Постмадэрнісцкая сітуацыя, у якой мы жывём сёння, у прынцыпе адмаўляе іерархію, і выбудоўваць той канон па тых законах, па якіх існавала класіка, сёння вельмі складана. Вельмі цяжка казаць пра канон сучаснай літаратуры.
Ці важна падтрымка дзяржавы, каб стаць паспяховым аўтарам

Але спробы стварыць гэты канон усё ж існуюць. Напрыклад, з дапамогай прысуджэння літаратурных прэмій. Ужо некалькі гадоў кароткі спіс прэміі імя Ежы Гедройца, якая прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы ці эсэістыку, з'яўляецца арыенцірам для чытача ў пошуку адказу на пытанне, што выбраць у кнігарні. А зараз на сайце прэміі «Кніга году» праходзіць народнае галасаванне, дзе кожны чытач можа выбраць з прапанаванага спісу аўтараў, тройку сваіх фаварытаў за 2017 год. І, дарэчы, падыход да фарміравання ўласнага спісу аўтараў выкарыстоўваецца і ў акадэмічнай сферы.

— Тое, што мы назіраем зараз у літаратуры, — гэта вяртанне ў нармальнае рэчышча, то-бок у рэчышча поліфаніі: кожны, хто лічыць сябе суб'ектам, які ўспрымае літаратуру, можа для сябе складаць канон. І гэта вельмі крута, гэта дазваляе адначасова функцыянаваць абсалютна розным сістэмам, — кажа Марына Казлоўская.

Галоўнай высновай дыскусіі ж стала тое, што нашы пісьменнікі сёння менш залежныя ад волі дзяржавы, літаратурныя прэміі прысуджаюцца часцей за ўсё незалежным журы і фінансуюцца прыватнымі ініцыятывамі або замежнымі спонсарамі. Для таго каб стаць улюбёнцам, аўтару не абавязкова быць абласканым уладай і горда насіць званне "народнага". Але ўсё ж факт застаецца фактам: «Стварэнне іміджу беларускага аўтара — справа рук самога аўтара», а чытачу ўсё так жа складана ўявіць, што аднойчы на білбордах проста на вуліцы можна будзе ўбачыць партрэт любімага пісьменніка і рэкламу яго новага рамана.
Спадабаўся канспект?
Made on
Tilda